У межах правядзення прадметнага тыдня гуманітарных навук і напярэдадні святкавання Дня роднай мовы ў нашай школе адбылася падзея, якая нікога не пакінула абыякавым. Вучні старэйшых класаў сабраліся разам, каб ушанаваць год беларускай жанчыны і паспаборнічаць у майстэрстве мастацкага слова.
Конкурс чытальнікаў “Славутыя жанчыны зямлі беларускай” стаў сапраўдным святам паэзіі і гісторыі. Юнакі і дзяўчаты старанна рыхтаваліся, каб праз радкі вершаў расказаць пра лёс і веліч беларускіх жанчын. Тэматыка твораў была надзвычай разнастайная і глыбокая.
У цэнтры ўвагі апынуліся легендарныя постаці мінуўшчыны, якія сталі сімваламі мудрасці і прыгажосці. Са сцэны гучна і пранікнёна гучалі вершы, прысвечаныя Рагнедзе, гераіні далёкага Полацка, і Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы зямлі беларускай. Асаблівае месца заняла і трагічная гісторыя кахання Барбары Радзівіл, якая натхніла не адно пакаленне паэтаў.
Подзвіг беларускай жанчыны на вайне — гэта сімвал незвычайнай устойлівасці, любові да Радзімы і гатоўнасці да самаахвярнасці. Іх шлях быў цярністым і страшным, але менавіта дзякуючы іх сіле духу была выкаваная Вялікая Перамога. І жыць ім вечна ў памяці народнай. Таму сёння гучалі вершы і пра іх.
Не засталіся па-за ўвагай і жанчыны-творцы. Удзельнікі конкурсу чыталі вершы знакамітых беларускіх паэтак, чые радкі вучылі адчуваць прыгажосць роднай мовы і роднага краю: Цёткі, Дануты Бічэль, Яўгеніі Янішчыц , Канстанцыі Буйло.
Акрамя таго, конкурс паказаў, што гераічнасць і прыгажосць могуць праяўляцца не толькі ў старажытных паданнях, але і ў нашы дні. Прагучалі вершы і пра сучасніц — знакамітых беларускіх спартсменак, якія сваімі перамогамі праслаўляюць Беларусь на ўвесь свет.
Усе выступленні былі шчырымі і эмацыянальнымі. Конкурс яшчэ раз падкрэсліў, што мова і паэзія жывуць, пакуль ёсць тыя, хто іх беражэ і так таленавіта прадстаўляе.







































